СЛО́НІМСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫРАБАЎ.

Засн. ў 1960 у г. Слонім Гродзенскай вобл. на базе арцелі «Чырвоная зара» (з 1939). У 1981—88 да яе была далучана Баранавіцкая ф-ка маст. вырабаў (арганізавана ў 1960 на базе арцелі «Усход», засн. ў 1946). Спецыялізуецца на выпуску дзіцячага адзення, аздобленага ручной і машыннай вышыўкай, карункамі. Значнае месца ў вытворчасці займаюць ткацкія маст. вырабы (посцілкі, накідкі на крэслы, паласы, дываны), адметныя шматкаляровасцю і яркасцю. Выпускае таксама вырабы з дрэва (такарныя з размалёўкамі, бандарныя), металу (пано, біжутэрыя), лазы (фруктоўніцы, падносы, цукерніцы).

З.​Я.​Русанава.

Бандарныя вырабы Слонімскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. 1980-я г.

т. 15, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)